Размешчаны на ПдУ Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 30.7.1966. Пл. 1,4 тыс.км². Нас. 25 тыс.чал. (2002), гарадскога 48%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Старыя Дарогі. Уключае 89 сельскіх населеных пунктаў, 8 сельсаветаў: Дражнаўскі, Новадарожскі, Палажэвіцкі, Пасецкі, Паськавагорацкі, Старадарожскі, Шчыткавіцкі, Языльскі.
Тэр. раёна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пласкахвалістая з марэннай градой на З. Пераважаюць выш. 150—170 м (65%), 25% — на выш. да 150 м. Найвыш. пункт 201 м (на ПнЗ ад в. Паларэссе). Агульны нахіл тэрыторыі з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, буд. пясок, пясчана-жвіровы матэрыял, цагельныя гліны і суглінкі, мінер. вада. Сярэдняя т-растудз. -6,4 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 632 мм за год. Вегетац. перыяд 191 сут. Найб.р. Арэса з прытокамі Таліца, Солан з Салянкай, Асвіца, прытокі р. Пціч: Арыжня, Нямегля, Даколька са Сноўкай. Воз. Скачальскае, вадасховішчы: Ляўкі, Любанскае (частка). Меліярац. каналы: Добрынскі, Добрынка, Ляўкоўскі, Прусінскі, Сінягоўскі, Слаўкавіцка-Ямінскі, канава Казённая. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: тарфяна-балотныя (34,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (30,1%), дзярнова-падзолістыя (22%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (12,1%). Пад лесам 52% тэр. раёна. Лясы хваёвыя, бярозавыя, яловыя, чорнаальховыя, дубровы і інш. Штучных хваёвых насаджэнняў — 19,4%. Найб. лясны масіў на Пд. Пад балотамі 1,3% тэрыторыі, найб. балоты: Шчыткавіцкія Лугі, Рэчкі Алес, Мядзведня, Фаліцкі Мох, Ліпніцкі Бор. У межах раёна заказнікі рэсп. значэння: біял. — Фаліцкі Мох, бітумінознай сыравіны — Скачальскае возера; мясц. значэння: участкі росту чарамшы (кварталы № 32 і 34 у Старадарожскім лясніцтве), Мікуліна-Мядынскае радовішча. Помнік прыроды мясц. значэння — валун з в. Аляксандраўка, устаноўлены ў г. Старыя Дарогі ў гонар 410-годдзя заснавання горада.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 54 тыс.га, з іх асушаных 31,3 тыс.га. На 1.1.2002 у раёне 15 калгасаў, 1 саўгас, 8 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вытв-сці кармоў. Вырошчваюць збожжавыя, зернебабовыя і кармавыя культуры, бульбу, рапс, лён, агародніну. Прадпрыемствы харч. (масла жывёльнае і жывёльна-расл. ўсіх відаў, казеін, цэльнамалочныя, хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, спірт-сырэц, плодаагароднінныя кансервы, сокі), лёгкай (швейныя тавары) прам-сці; лясгас (дрэваапрацоўка, піламатэрыялы), лесапункт Асіповіцкага леспрамгаса (нарыхтоўка і вывазка хлыстоў), мех.з-д (камплектуючыя для прадпрыемстваў мін-ваў сувязі і абароны, тавары нар. ўжытку). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Слуцк—Асіповічы і аўтадарогі Слуцк—Бабруйск, Баранавічы—Асіповічы, Асіповічы—Любань і інш. У раёне 14 сярэдніх, 3 базавыя, 2 пач. школы-сады, завочная сярэдняя школа, дзіцячы дом, дзіцяча-юнацкі клуб фіз. падрыхтоўкі, міжшкольны вучэбна-вытв. камбінат, раённы цэнтр рамёстваў, дзіцячая школа мастацтваў, раённы цэнтр дзіцячай творчасці, 19 дашкольных устаноў, раённы палац культуры, 12 дамоў культуры, 12 клубаў, 31 б-ка, 4 бальніцы, паліклініка, амбулаторыя, 21 фельч.-ак. пункт, дзіцячы аздараўленчы лагер «Крынічка». Раённы гіст.-этнагр. музей, прыватны маст. музей (фонд А.Я.Белага). Помнікі архітэктуры: Свята-Георгіеўская царква (на мяжы 19—20 ст.) у в. Залужжа, паштовыя станцыі (2-я пал. 19 ст.) у вёсках Паськовы Горкі і Старыя Дарогі, ч. будынка Спаса-Праабражэнскай царквы (сярэдзіна 19 ст.) у в. Языль. Выдаецца газ. «Навіны Старадарожчыны».